БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА СЛУ́ЧЧЫНЫ,
Рада Случчыны, Слуцкая беларуская рада, выканаўчы і распарадчы орган улады ў Слуцку і Слуцкім пав. ў ліст. 1920 — студз. 21. Мела паўнамоцтвы часовага органа ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) да склікання бел. ўстаноўчага сейма і ўтварэння выбарнага органа, стала паліт. органам кіраўніцтва Слуцкім паўстаннем 1920. Выбрана 14.11.1920 на Першым бел. з’ездзе Случчыны ў складзе 17 членаў. У прэзідыум рады ўваходзілі У.Пракулевіч, П.Жаўрыд, В.Русак, Ю.Сасноўскі, Радзюк. Заявіла пратэст сав. і польск. ўрадам супраць перадачы Слуцкага пав. ўладам БССР, выдала дэкларацыю, якая заклікала сялян на барацьбу за «незалежную Беларусь у яе этнаграфічных граніцах». Сфарміравала 1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войскаў БНР у складзе 2 палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага. Пасля паражэння паўстання рада 28.12.1920 разам з 1-й Слуцкай брыгадай перайшла на тэр. Зах. Беларусі, дзе брыгада была раззброена польск. войскамі і інтэрніравана. Рада Случчыны пераехала ў Баранавічы; 20.1.1921 на апошнім пасяджэнні частка членаў рады прызнала сваім кіраўніком С.Булак-Балаховіча, частка выехала ў Вільню, частка засталася ў Баранавічах.
А.П.Грыцкевіч.
т. 2, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)